УРЭ́ЦКА-НАЛІБОЦКАЕ ШКЛО,
мастацкія вырабы са шкла, створаныя на Урэцкай шкляной мануфактуры і Налібоцкай шкляной мануфактуры ў 1-й пал. 18 ст. — 1860-я г. Пераважна гэта посуд з каляровага, бясколернага і малочнага шкла і хрусталю (келіхі, бакалы, кілішкі, наборы для напіткаў, збаны, бутлі, бутлікі, пляшкі, кварты, посуд у форме булавы, усечанага конуса, цюльпана і інш.), а таксама люстраныя насценныя рэфлектары, жырандолі, свечачнікі, кандэлябры, дробная пластыка для аздобы вырабаў, флаконы для парфумерыі, аптэчны посуд. Вырабы аздаблялі граненнем («у брыльянт», «у карпаву луску», «у паскі»), гравіроўкай, гарэльефнай разьбой, размалёўкай плацінай, золатам, серабром і фарбамі, упрыгожвалі накладнымі медальёнамі. Гравіраваныя кампазіцыі 1-й пал. 18 ст. — геральдычныя і фігуратыўныя, партрэтныя выявы каралёў і асоб княжацкіх родаў, у сярэдзіне 18—19 ст. — надпісы фалькл. характару, геам. і расл. арнамент, букеты кветак, вінаградная лаза, сельскія і арх. пейзажы, выявы жывёл, міфалагічных і жанрава-быт. сцэн.
Літ.:
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;
Яе ж. Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX ст. Мн., 1984;
Buczkowski K. Dawne szkła artystyczne w Polsce. Kraków. 1958.
М.М.Яніцкая.
т. 16, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)